Міхась Мірановіч

(Мірановіч Міхаіл Канстанцінавіч)
Нарадзіўся 18 лютага 1948 года ў вёсцы Старына на Ўшаччыне.

Скончыў Вялікадолецкую сярэднюю школу ў 1965 годзе, Львоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Івана Франко ў 1973 годзе, атрымаўшы дыплом радыёфізіка.

Вучыўся ў Львове, вайсковую службу праходзіў у Маскве, зараз жыве ў Віцебску.

Працаваў лабарантам, выкладчыкам, інжынерам-канструктарам, інспектарам дзяржнагляду за стандартамі і якасцю, начальнікам аддзела кадраў. Зараз на пенсіі.

Жанаты. Мае дваіх дзяцей, трох унучак і ўнука.

Першая літаратурная публікацыя – ў газеце Літаратура і мастацтва ў 1972 г.

Выступае ў жанры сатыры і гумару. Найбольш вядомыя яго вершаваныя гумарыстычныя карацелькі-фрашкі. Піша літаратурныя пародыі. Напісаў тры кніжкі для дзяцей. Перакладае з украінскай: П.Глазавога, А.Вішню, С.Руданскага, А.Каламійца, В.Івашчанку, з польскай: С.Лема, А.Пацямкоўскага, В.Брудзінскага, украінскі і польскі народны гумар.

Пераклаў на беларускую мову камедыю М. Старыцкага „За двума зайцамі” і драму І. Масляніцынай „Крыж Еўфрасінні”, якія ідуць зараз на сцэне Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа і абласнога драматычнага тэатра ў Гродне.

Мае больш за 1,5 тысячы літаратурных публікацый у саюзнай, рэспубліканскай, абласной перыёдыцы. Друкаваўся ў часопісах „Крокодил”, „Перець”, „Чаян”, „Вожык”, „Полымя”, „Алеся”, „Родная прырода”, газетах „Літаратурная Беларусь”, „Літаратура і мастацтва”, „Звязда”, „Советская Белоруссия”, „Рэспубліка”, „Народная газета”, „Знамя юности”, „Чырвоная змена”, „Віцебскі рабочы”, „Народнае слова”, „Віцьбічы”.

У 2002 годзе выдаў сваю першую кніжку – зборнік вершаванага гумару “Міранізмы”. У 2010 - 2015 г.г. у выдавецтве \"Медысонт\" выйшаў зборнік гумару \"Жартачкі\" у трох кніжках. Лаўрэат прэміі імя Кандрата Крапівы за гумарыстычныя творы за 2002 год.

Сярба Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2005 года. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў „Агледзіны”, „Дзень паэзіі 2005”, „П’яныя каровы”, „Тутэйшы шляхціц” , „Ад ніў прыдзвінскіх”, трох выпускаў альманаха „Дзвіна”, альманаха \"Брама\".