ГОЛАЯ ПРАЎДА
-
Голая праўда
Запала вось такая думка
Ў голаў,
І не дае ні есці мне,
Ні спаць:
Тады, калі бывае
Праўда голай –
Лягчэй за ўсё
Нябогу згвалтаваць. -
Яшчэ горш
– З усіх гісторый
Ні адна, здаецца,
Не мае больш
Сумнейшага канца:
Калі разумны
Ў дурнях застаецца…
– Горш, калі з дурня
Робяць мудраца!.. -
Несправядлiвасць
Калі ёсць Бог –
Няўжо таго не бачыць?
Дакуль яно вось так
Цягнуцца будзе?
Шмат хто з людзей
Усё жыццё ішачыць,
Глядзіш – а там асёл
Выходзіць ў людзі. -
Слава
У славы заўсёды
Законы свае –
Ні на ранг, ні на чын
Не зважае.
Але часам яна
Чалавека псуе:
Ганарліўцаў – свая,
А зайздросных – чужая. -
Бясслаўе
Хто любіць славу,
Дык таму не шкодзіць
Запамятаць
Такі закон прыроды:
Прыходзіць слава,
Хутка і праходзіць,
А вось бясслаўе –
Гэта назаўсёды!