ЛІТАРАТУРНЫ ФРОНТ
  • Лiтаратурны фронт Не краналі мяне
    Палітычныя буры,
    Бо быў недаспадобы
    Публічны афронт.
    Я збіраўся адседзецца
    Ў літаратуры –
    Ды й па ёй ад нядаўна
    Праходзіць стаў фронт.
  • Падзел сярод паэтаў Ну, хто паэтаў
    Зразумее?
    У кожнага
    Ёсць свая ніша:
    Палова з іх
    Пісаць не ўмее,
    Другая ж частка іх –
    Не піша.
  • Папулярнасць Паэта гэтага
    Вазьмі ты –
    Усюды ён
    Вядомасць мае,
    І ўжо ж настолькі
    Знакаміты,
    Што нават трасца
    Яго знае!..
  • Жонка паэта – Ведайце, бабы:
    Паэты – маньякі.
    Мой муж – паэт,
    Дык адкрыю сакрэт:
    Можаш казаць,
    Што як муж ён – ніякі,
    Ды баронь Бог –
    Што такі ж і паэт!..
  • Муж паэтавай жонкi Каханая!
    Як разумею я гэта!
    Але не парушыць
    Ужо завядзёнкі:
    Няўдзячная справа –
    Быць жонкай паэта.
    А мне як:
    Быць мужам паэтавай жонкі?!.