СВЕТЛАЯ СУЧАСНАСЦЬ
-
Светлая сучаснасць
На злосць і зайздрасць
Загніваючым буржуям
Мы дружна будучыню светлую
Будуем.
Але нарэшце
Ці ўнясе хто яснасць:
Калі ж мы возьмемся
За светлую сучаснасць?.. -
Саюз
Сябры!
Цудоўны быў Саюз!
Ды з ім у нас
Якісь канфуз:
Пакуль ён
Не распаўся –
Нам так
Не падабаўся!.. -
Загранiца
Пісаў калісьці
Літаратар:
„Да цёткі, ў вёску,
Ў глуш, ў Саратаў!..”
І трэба ж так
Жыццю змяніцца:
Вось і Саратаў –
Заграніца!.. -
Памяркоўнасць
Памяркоўнасць
Можа загубіць,
І мы самі
Ў тым сабе падсобім:
Памяркуем часам,
Што рабіць,
Але так нічога
І не зробім. -
Народ i ўрад
Урад жадаў бы,
Каб народ
Глядзеў яму
Заўсёды ў рот.
Але народ
Упарта хоча
Хоць раз зірнуць
Ураду ў вочы.