МУЖЫК У ХАЦЕ
-
Мужык у хаце
Сяброўка
Раіла Агаце:
– Павінен быць
Мужык у хаце!..
– Так, мужыка б
Някепска мець!..
Ды толькі мужа
Дзе падзець?!. -
Кузьма i Мiкiта
Аднавяскоўцаў нашых двух
Вазьмі –
Ні аднаму адмовіць
Нельга ў спрыце:
Кузьма Мікіту
Неяк падкузьміў,
А той Кузьму за гэта
Адмікіціў. -
Халасцякова крэда
– Чаму не жэнішся,Фядот?
У адзіноце
Жыць жахліва!..
– Ты ж не купляеш
Піўзавод,
Як хочаш выпіць
Кухаль піва... -
Благi танцор
Прэч, сум!
Таварыш дарагі!
Быць песімістам
Не гадзіцца!
Няхай танцор ты
І благі,
Ды даспадобы
Маладзіцам!.. -
Мужыкi i бабы
На свеце ёсць
Кабеты і мужчыны,
Або, іначай, –
Дужы пол і слабы.
Сярод кабет
Ёсць дзеўкі і жанчыны,
Сярод мужчын –
Ёсць мужыкі і бабы.