Гульня

Мелодыяй заззяла цішыня...
Крынічыць адамкнёнае натхненне...
Святлана Багданкевіч

Мелодыяй
Заззяла цішыня,
Крынічыць
Адамкнёнае натхненне...
А ў чытача
Закралася сумненне:
Мо, не паэзія ўсё гэта,
А гульня?
Трэба дома бываць...

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем...
Рыгор Барадулін

Трэба дома бываць
Часцей,
Трэба дома бываць
Не госцем,
А то вунь ужо
Сын расце –
На мяне не падобны
Штосьці...
Пуста

І добра ведаюць мужчыны:
Як ні рабі, што ні кажы,
Ды толькі пуста без жанчыны
І ў доме іхнім, і ў душы.
Тамара Барадзёнак

Вядома,
Пуста без жанчыны,
І не зайздросць
Халасцяку.
Затое з ёю
У мужчыны
Ўжо пуста будзе
Ў кашальку.
Даведка

Зноў спяшаюся я. Уцалік! Па газону!
Па траве! Па рамонках! Гарачка і бег...
І ўлятаю ў кантору якуюсь з разгону
за даведкай з пячаткай, што я – чалавек.
Барыс Бележэнка

Улятаю я неяк
У ЖЭК свой з разгону:
– Вы даведку мне дайце,
Што я – чалавек.
– Вось за тое, што вы
Патапталі газоны –
Не дамо вам даведкі, –
Адказвае ЖЭК.
Паэты і корчмы

Паэты нараджаюцца ў карчме...
Рыгор Барадулін

Паэты
Нараджаліся ў карчме,
Але змянілася
З гадамі гэта:
Гісторыі вятрыска
Ў зад нам дзьме –
Няма ні добрых корчмаў,
Ні паэтаў.
Сівуха

Силен ли слон, коль он из мухи,
коль он ненастоящий слон?
К тому ж упорно ходят слухи,
что получился слон из мухи,
присевшей на бидон сивухи
и осушившей весь бидон.
Барыс Бележэнка

Паэце,
Чытача паслухай:
Сівухай гэтак
Не грашы.
Або калі ўжо ты
Пад мухай –
Дык вершаў
Лепей не пішы!..
Алергія

Табе пашанцавала неўпрыкмет
Забрацца ў пуню на сухое сена...
Генадзь Бураўкін

Павёў суседку
Ў пуню неўпрыкмет
(Так дзейнічалі
Многія другія),
Ды толькі там
Застукаў нас сусед –
З тых дзён ў мяне
На сена – алергія.
Каму трымаць свечку?

Дзяўчына ў пустым калідоры са свечкай...
Я помню і сёння гатэль той і вечар.
Дзяўчына са свечкай растала, як дым...
Я ведаю: будуць праходзіць гады...
Навум Гальпяровіч

Ну, што тут паробіш? Такія гады!..
Расталі раптоўна надзеі, як дым...
Няўдала ў гатэлі закончыўся вечар:
Не справа дзяўчыны – трымаць тую свечку!.
Уцякаюць хлопцы

Уцякаюць хлопцы ў гарады,
Ад зямлі бацькоўскай уцякаюць.
Генадзь Бураўкін

Уцякаюць хлопцы
Ў гарады,
Уцякаюць хлопцы
У паэты,
Каб усе
Наступныя гады
Ў кожным вершы
Шкадаваць аб гэтым...
 1  2 3 4 5 ... > ... >>