Настаўніцы ў лазні

Адкінуты рамкі, што ціснулі ў школе,
Настаўніцы зараз, як птушкі на волі.
Ніна Захарэвіч

Адкінуты шмуткі,
Што ціснулі ў школе,
І целы настаўніц –
Нарэшце на волі!
І ў тым яны,
Ў чым нарадзіла іх мама.
... Настаўніцы мыюцца
Ў лазні таксама.
Цюцька пад дажджом

Скуголіць пёс пад мокрай слівай,
Душу вярэдзіць слёзным жалем.
Лепш бы грымоты слых пужалі,
Чым шолах морасі тужлівай.
Наталія Каравацкая

Скуголіць цюцька
Ў садзе пад дажджом...
Вы да жывёл
Адносьцеся усяка,
Ды як так можа быць,
Калі сабака
Пад мокрай сліваю
Жыве бамжом?!.
Дрэвы чакаюць нас

Колам разбітым час
валіцца пад гару,
дрэвы ў чаканні нас
неба галлём аруць.
Вольга Каленік

Мы ўсе чыталі
Ў свой час
Вытрымкі
З Дарвіна кніг.
Дрэвы
Чакаюць нас –
Мо, зноў палезем
На іх?..
Круты раман

Вы помніце многіх жанчын, –
Мяне сярод іх не было.
... А Вы пісалі раман
Пра лёс жанчыны круты.
Святлана Каробкіна

Няхай бы
Ўвялі мяне ў зман –
Набрыдла даўно
Быць святой.
Але вы круцілі
Раман
З паэткаю
Болей крутой.
Перасяленне душ

Не верыў я.
Цяпер паверыць мушу:
Перасяляюцца ў буслоў паэтаў душы.
Казімір Камейша

Не верыў я.
Цяпер паверыць мушу:
Перасяляюцца ў буслоў
Паэтаў душы,
Каб свае крылы
Распасцерці зноў.
... А душы крытыкаў –
Напэўна, ў груганоў...
Вершы і калені

Дзяўчына вершы пісала
На зграбных сваіх каленях...
Божа! Якія калені!
Божа! Якія вершы!
Анатоль Кірвель

Загледзеўся я
Не першы:
Гэта ж –
Мазгоў страсенне!..
Божа!
Якія там вершы,
Калі такія
Калені!.
Любімы матыў

Ноч прасцяг накрывае,
Млечны шлях ужо ўсплыў,
І гучыць, не змаўкае
Мой любімы матыў.
Іван Лазука

Ноч
Прасцяг накрывае,
І разносіцца
Спеў –
Ён гучыць,
Не змаўкае,
Пра камыш,
Што шумеў..
Жаночае слова

Дзіўлюся з свайго я народу –
У нас нават кветкі мужчынскага роду...
А выйдзеш у поле, у лес ці на луг –
Мужчынскіх найменняў
так многа наўкруг...
Ніна Маеўская

Здзіўляцца не кіну
Свайму я народу:
У нас усе словы –
Мужчынскага роду.
Але як мужчыны
Пачнуць размаўляць –
Жаночае слова
Пачуеце: „маць...”
Кароўка і кніжка

Прабач, дарагая кароўка,
Што трэба цябе прадаваць.
Пётр Літвіновіч

Прабач,
Дарагая кароўка,
Што трэба
Цябе прадаваць.
Казаць
Мне пра гэта нялоўка –
Але ж
Кніжку час выдаваць!
<< ... < ... 1 2  3  4 5 6 7 ... > ... >>