Пад яблыняй

Вухне ў садзе, падаючы, яблык.
Прадчуванне – клікае бяду.
... Вухне яблык... Ведаю, з табою
Расстаёмся. Зноўку – я адна.
Ніна Маеўская

Яблыні
Не даспадобы ўдовам.
... Мы сядзелі ў садзе
Давідна.
Вухнуў зверху
Яблык паўпудовы –
Засталася
Зноўку я адна.
Вершы не кормяць

А вершы не кормяць, на жаль...
Адкрылася сумная даль...
Дар’я Лосева

Адкрылася
Сумная даль:
А вершы не кормяць,
На жаль!..
На жаль,
Гэта позна адкрылася –
Калі ўжо паэткай
Зрабілася.
Я вас навучу!..

Выйсце – хіба напіцца?
Чым цяпер даражыць?
Ужо і мая маладзіца
Вучыць мяне, як жыць...
Андрэй Мазько

Пляшку купі,
Не скупіся –
Чым цяпер
Даражыць?
Андрэй,
Сапраўды, напіся –
Вучыць будзеш іншых,
Як жыць!
Найслабейшае месца

Далі б ёй згоду, – Пэўна, стрымгалоў,
Уміг перажаргнуўшыся на Біблію,
З парламенцкіх задураных галоў
Блазноту мокрым пранікам. Павыбіла.
Васіль Макарэвіч

З парламенцкімі
Трэба штось рабіць –
Балота гэта
Ўскалыхнуць цішэйшае!
Па галаве ж
Лепш пранікам не біць:
У іх галовы –
Месца найслабейшае.
Менш паэтаў – больш чытачоў

І хоць крыкам на ўвесь свет
цяпер крычы,
Што не творцы нам патрэбны – чытачы.
Яўген Міклашэўскі

Звар’яцеў, напэўна, людцы,
Белы свет:
На каго ні плюнь –
Дык той сабе паэт.
І хоць крыкам на ўвесь свет
Цяпер крычы:
Не паэты нам патрэбны –
Чытачы!
Казлы ў горадзе

Што рэвалюцый век зямлі прынёс?
Збяднела, уцякае ў горад вёска.
Гляджу, адна пасецца ў полі козка.
Мікола Маляўка

Век рэвалюцый
Быў занадта злы:
Збяднела,
Уцякае ў горад вёска.
Адна-сама
Пасецца ў полі козка –
Даўно ўжо ў горад
З’ехалі казлы.
Не белы свет

Даўно засела думка ў галаве:
А белы свет зусім не так жыве.
Мікола Мятліцкі

Даўно засела думка
Ў галаве:
А белы свет
Зусім не так жыве.
Яшчэ ж хачу зрабіць
Я вывад смелы:
Што не такі ўжо
Гэты свет і белы.
Ляплю

... З трывог і радасцей ляплю
Днём і ўначы сябе самога.
Змітрок Марозаў

Днём і ўначы
Згубіў спакой,
Я працу
Адабраў у Бога:
З таго ўсяго,
Што пад рукой,
Ляплю,
Ляплю сябе самога.
Цэдзіцца верш

Цьмянела далеч вечарова,
Гусціўся змрок у небнай чашы.
Салодка хрумстала карова
Смакотны харч астатняй пашы.
Мікола Мятліцкі

Цьмянела далеч
Вечарова,
І зоркі ўкручваліся
Ў сферу.
У хлеве хрумстала
Карова,
І верш цадзіўся
На паперу...
<< ... < ... 1 2 3  4  5 6 7 8 ... > ... >>