Адпусціце мяне ў Гімалаі!..

Пыльная дарога
ў маім родным краі
Не на Усход ці Захад,
а у Гімалаі.
Ігар Пракаповіч

Дзіўнае, рабяты,
Я жаданне маю:
Не хачу на Захад –
Хачу ў Гімалаі!..
Можаце смяяцца –
Гэта справа ваша,
Але там чакае
Распуціна Маша...
Хто без мазгоў...

Хто без мазгоў – працуе кулаком.
Уладзімір Папковіч

Так існуе,
Ну хоць ты вый ваўком,
Але змяніць таго
Не могуць людзі:
Хто без мазгоў –
Працуе кулаком,
А хто з мазгамі –
Працаваць не будзе!..
Без цырымоніі

Бязладдзе і тлум не народзяць
гармоніі –
Мінаюць надзеі, праходзяць
жанчыны...
Ігар Пракаповіч

Бязладдзе і тлум
Не народзяць гармоніі.
Чаму я самотны?
Свае ёсць прычыны:
Таму, што з жанчынамі
Без цырымоніі –
Мінаюць дзяўчаты,
Праходзяць жанчыны...
Распранутая Муза

... душу
распранаю,
нібыта дзяўчыну.
І вершы, уражаны
ёю, пішу.
Сяргей Рабчун

Не ведаю,
Меўшы якую прычыну,
Ды Муза рашыла
Ка мне завітаць.
Яе распрануў я,
Нібыта дзяўчыну.
... Ну, дзе пасля гэтага
Вершы пісаць?!.
Аўтадафэ

Я сябе падпаліла сама
І знікаю ў агні ашалелым.
Вольга Русілка

Бог урэшце пачуў
Заклік мой –
Бо прасіў у яго
Я не першы...
Ды не варта гарэць,
Мо, самой? –
Дастаткова спаліць
Толькі вершы!.
Вершаў не даруюць

Не ілгаць у вершах немагчыма...
Вершаў не даруюць нам ніколі...
Людміла Рублеўская

Не, не заклікаю я
Да гвалту,
Толькі не зайздрошчу
Вашай долі:
Вершаў не даруюць вам
Ніколі,
Асабліва,
Вось такога кшталту.
Загар

Як прыгожа, бывае,
дагарае жанчына...
Вольга Русілка

Падтрымае мяне,
Пэўна, кожны мужчына –
Гэты цуд прыгажосці
Адзначыць належыць:
Як прыгожа, бывае,
Загарае жанчына,
Як яна загарае
Зусім без адзежы!..
Азярод

... па месцы нараджэння я – лепельскі, а па паходжанню – вушацкі...

... азярод – плот, на якім нашы продкі сушылі намоклую атаву ды розныя сцяблы, каліўе і жыта.
Сяргей Рублеўскі з кнігі „Азярод”

Друкі – тое ж самае, што і азярод.
З народнай гаворкі Ушаччыны

Сяргей, ты – лепельскі, не ўшацкі малец,
Бо каб было яно наадварот –
То смела дам на адсячэнне палец,
Ты б „Друкі” напісаў – не „Азярод”.
Зірнуць другі раз...

Было каханне з першага погляду,
І на першы погляд – было...
Вольга Русілка

На першы погляд
Каханне было –
На душы
Гучала валторна.
Ды змоўкла...
І раптам сумненне прыйшло:
А што, як зірнуць
Паўторна?..
<< ... < ... 2 3 4 5  6  7 8 9 ... > ... >>