Не ўпільнавала

Гэта дрэва ужо – не маё,
Колькі б я пад ім ні сядзела,
Колькі б вішань з яго ні з’ела,
Гэта дрэва ужо – не маё.
Лера Сом

Я пад дрэвам
Упарта сядзела,
Цэлы дзень
Пільнавала сваё.
Ды сядзела дарма,
Ё-маё –
Вішні нейкая трасца
Аб’ела!..
Сама з сабой...

И сама с собой сыграет в жмурки…
Давід Сімановіч

Асаблівасць
У суседскай Нюркі
(Хай Гасподзь наш
Гэта ёй даруе),
Бо сама з сабой
Гуляе ў жмуркі:
Зловіць –
І сама сябе цалуе.
Закаханым жанчынам

Жанчыны, закаханыя па вушы,
мужчыны, закаханыя па вочы.
Таму жанчыны і шукаюць душы,
таму мужчыны і шукаюць ночы.
Аксана Спрынчан

Хаця і закахаліся
Па вушы,
Але адкрыць на праўду
Трэба вочы:
Дарма ў мужчын
Шукаеце вы душы,
Тым больш, не пры святле,
А сярод ночы!..
Тры пярсцёнкі

За лета я згубіла тры пярсцёнкі.
Аксана Спрынчан

За лета
Тры пярсцёнкі я згубіла –
І ў рэзультаце маю
Голы кукіш...
Суседачка
Заўвагу мне зрабіла:
– ... А на зарплату ж
Гэтулькі не купіш!..
Назоўнікі

Прайсці, заўважыць, азірнуцца,
Захвалявацца, усміхнуцца,
Спыніць, дамовіцца, пачуць,
Крануць, пацалаваць, адчуць.
Леанід Трубач „Дзеясловы”

Змярканне, швэнданне,
Чаканне,
Спатканне, ўпрошванне,
Каханне.
Світанне, ўглядванне,
Здзіўленне,
Кіданне, джганне,
Галашэнне...
Вершы ў вёсцы

Распахну с утра окошко,
Напишу всего два слова,
Как мурлычет рядом кошка
И мычит в хлеву корова.
Надзея Стаховіч

Забрахала
Недзе сучка,
І авечка
Забляяла...
Дзе мае
Папера й ручка? –
Вось і вершык
Напісала...
Разбудзі мяне, маці...

Разбудзі мяне, маці, ўранку...
... Толькі маці не стане будзіць.
Васіль Філіповіч
Разбуди меня завтра рано,
О моя терпеливая мать!..
Сяргей Ясенін

Маці я папрасіў
Разбудзіць
Зранку,
Спаць кладучыся не сене.
Толькі маці
Не стане будзіць:
– Спі, Васіль,
Ты ж пакуль – не Ясенін!..
Дрыжыкі

Только вспомню в поле рожь,
Пробежит по телу дрожь.
Надзея Стаховіч

Толькі згадваць
Жыта стала –
Усім целам
Задрыжала!..
Што ж было
Такое ў жыце,
Што ад згадак
Вы дрыжыце?..
Жанчыну трэба любіць

Жанчыну трэба любіць
Заўжды – ўзімку і ўлетку.
Жанчыну трэба любіць,
Як чмель – палявую кветку.
Яўген Хвалей

Жанчыну трэба любіць
У горадзе, вёсцы, мястэчку.
Жанчыну трэба любіць –
Любіць так, як воўк – авечку.
Жанчыну трэба кахаць
І ўранку, і ўдзень, сярод ночы.
Жанчыну трэба кахаць,
Калі нават і не захоча!..
<< ... < ... 4 5 6 7  8  9 ... > ... >>