Не пакідаючы на апахмелку

Мне сягоння здалося,
што выпіта шчасце да дна
І на дне – анічога,
хоць соладка быццам пілося.
Мікола Шабовіч

Не магу перайначыць
Паскудную звычку сваю:
Гэтаксама, як жлукціць
Прапойца вульгарны гарэлку –
Так я шчасце да дна
І да кроплі апошняе п’ю,
Анічога сабе
Не пакінуўшы на апахмелку.
Літдыскусія

Я плюю на тое, што мне скажуць
Тыя, што ўжо на мяне плююць.
Віктар Шніп

Я плюю на вас,
Вы ж адэкватна
На мяне плюеце
У адказ.
А інакш,
Сказаўшы далікатна:
Літдыскусія
Ідзе у нас.
Эталон прыгажосці

Твайму візіту радасна здзіўлёны,
Я й не чакаў, што шчасце так мажліва.
О Брытні Спірс Лагойскага раёна,
Ты дзень мой сумны ўквеціла надзіва.
Мікола Шабовіч

З якіх часоў,
Пытаю я здзіўлёна,
За эталоны ў нас –
Амерыканкі?
Не, ты не Спірс
Нью-йоркскага раёна,
Ты – лепш яе:
Аўдоцця з Серабранкі!
Можна палюбіць і манашку

... Я стаў чужым, як выпітая пляшка,
Што ля дарогі пад кустом ляжыць,
Дзе час ідзе спакусна, як манашка,
Якую нельга, як віно, любіць.
Віктар Шніп

Стаў меркаваць я,
Калі выпіў пляшку
(Вунь пляшка тая
Пад кустом ляжыць):
Калі б прыйшлося,
Можна і манашку
(Хоць будзе тая супраць),
Палюбіць...
Вершы-забойцы

Прыходзяць вершы,
як забойцы, ноччу...
Віктар Шніп

Шмат у паэзіі
Прыроды воўчай –
Я спакваля заўважу,
Не з пляча:
Прыходзяць вершы,
Як забойцы, ноччу,
А зранку –
Забіваюць чытача.
Дасвецце

Не! Сапраўды:
Дасвецце шчэ не раніца.
Пакуль чутны птушыны камертон,
Пакуль са мной каханая абранніца
Ды бацькавай касы не ўсчаўся звон.
Анатоль Шушко

Дасвецце ўжо.
Палітра ночы звузіцца.
А вам, паэце
(Што ўжо тут хлусіць!),
Замест таго,
Каб з дзеўкаю валтузіцца –
Дапамагчы б лепш
Бацьку пакасіць!
Карова і вершы

Углядаюся ў вочы каровы...
... І шкадуе – ратуе карова
Маё сэрца сваім разуменнем.
Алена Якаўлева

Прачытала я вершы карове –
Хоць яна б, мо, мяне зразумела?..
І пры кожным рыфмованым слове
Тая з жалем мне ў вочы глядзела.
Мо, не тыя знайшла падыходы?..
Хоць пішу вельмі коратка, сцісла,
Незнарок нарабіла я шкоды –
Малако ўсё рагуліна скісла.
Хачу ў другі гербарый

Назаўжды прысушыў мяне ты,
Прывязаў да сябе трывала.
У тваім гербарыі кветак
Я ўпрыгожаннем новым стала.
Святлана Якубоўская

Хоць засохла я
Між лістамі,
Тым не менш,
І ў мяне ёсць мары:
Надакучыла мне ўжо
З вамі –
Мне ахвота
Ў другі гербарый.
<< ... < ... 5 6 7 8  9