ПАЎЛО ГЛАЗАВЫ
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ – Ці не чуў ты, – Гнат пытае
Федзьку Балабошку, –
Што на вуліцы суседняй
Прычапілі дошку:
„У будынку гэтым самым
Жыў раней пісьменнік…”?
А вось я жыву на свеце –
Сціплы Гнат Варэнік.
Адзінокі, нежанаты,
Выгнаў жонку з дому
І выплачваю працэнты
Я сынку малому…
А калі мяне не стане,
Як гадаеш, браце,
Ці напіша хто што-небудзь
І на маёй хаце?
– Не журыся, – Балабошка
Супакоіў Гната, –
Мы напішам на фанеры:
„ Прадаецца хата.”

Пераклад з украінскай
НЕРВОВЫ ПАСАЖЫР Пасажыр, спаць кладучыся,
Просіць правадніцу:
– Разбудзіце на паўстанку
Чыстыя Крыніцы.
Я – нервовы, не даспаўшы,
Дык вы памятайце:
Калі ўстаць не пажадаю –
У спіну штурхайце.
Калі стану вырывацца,
Папрашу вас шчыра:
Клікніце на дапамогу
Іншых пасажыраў.
Бо калі я разасплюся –
Буду адбівацца.
Ды не зблытайце: паліца
Мая нумар дваццаць.
Вось прачнуўся пасажыр той,
Калі ўжо світала.
– Дзе, – крычыць ён, – правадніца?
Каб яна прапала!..
А чаму ж не разбудзіла?
Хіба ж гэта дзела?!
Як пачула правадніца –
Ледзьве не самлела.
– Дык мы ж, – кажа, – на паўстанку Чыстыя Крыніцы
Высадзілі пасажыра
З іншае паліцы.
Ён брыкаўся, адбіваўся,
За стоп-кран хапаўся,
Да самага семафора
За саставам гнаўся!..

Пераклад з украінскай
 1  2 3 4 5 ... > ... >>