ВІЛЬЯМ ЛІГОСТАЎ
ПРЫТЧА (З ПАЧАТКАМ, АЛЕ БЕЗ КАНЦА) ПРА БЕЗЫМЕННУЮ БАБУПераклад прысвячаецца цётцы Дарцы са Старыны, дзядзьку Кузьму з Дольцаў, цётцы Вары з Пліна і многім іншым безыменным цёткам і дзядзькам.

На гародзе каля хаты
Стаіць баба ракам,
А гароду таго ў бабы –
Сорак сотак з гакам.
Выбірае бульбу баба,
Слёзы – дробным макам,
Бо яшчэ каля гароду
Сорак сотак з гакам.
А навошта ажно столькі
Сотак мае баба?
І гады ж не маладыя,
І здароўем слаба.
А таму яна, нябога,
З бульбаю бядуе,
Што ажно з зімы – праз лета –
Парсюка гадуе.
Парсючок пудоў пад наццаць
Важыць, ненажэра,
Ён не толькі тую бульбу –
Бабу з’есць, халера!
Кляне баба сваю долю,
Кляне лёс пракляты:
Ёсць падсвіначак у бабы,
Ёсць і парасяты.
Запытаеце: навошта
Столькі сала-мяса?
Ды няўжо бабулька тая
Да свініны ласа?
Мо, і з’ела б свежанінкі,
Каб калі прыйшлося,
Ды зубоў у роце ў бабы
Больш не засталося.
І не пражуе ні сала,
Ані хлеба лусту.
Толькі можа сёрбаць баба
Посную капусту.
Запытаеце: навошта ж
Тых свіней трымае,
Як сама яна у роце
Ўжо зубоў не мае?
І за даўнасцю забыла,
Калі зніклі зубы…
Але ў бабы у райцэнтры
Ёсць сыночак любы.
А ў сыночка – сын з дачушкай,
І жонка Яніна,
І ім вельмі даспадобы
Бабіна свініна.
Але не перападае
Есці свежаніну,
Бо збірае баба грошы!
Сыну – на машыну…
Вось мінула колькі часу –
Машыну купілі,
І сыночак зараз ездзіць
У аўтамабілі.
За баранкай сядзіць хвацка,
Стаў вадзілам-асам.
І някепска у сыночка
Ўсё! Але тым часам…
На гародзе каля хаты
Стаіць баба ракам…
А гароду таго ў бабы –
Сорак сотак з гакам.
Зноў капае бульбу баба.
Слёзы – дробным макам,
Бо яшчэ каля гароду
Сорак сотак з гакам.
А навошта ажно столькі
Сотак мае баба?
І гады ж – не маладыя,
І здароўем слаба.
А таму яна, нябога,
З бульбаю бядуе,
Што ізноў з зімы – праз лета –
Парсюка гадуе.
Парсючок пудоў пад наццаць
Важыць, ненажэра,
Ён не толькі тую бульбу –
Бабу з’есць, халера!
Кляне баба сваю долю,
Кляне лёс пракляты:
Ёсць падсвіначак у бабы,
Ёсць і парасяты.
Выбірае бульбу баба –
Адпачнуць ахвота…
Вунь яе ажно сагнула
У кручок работа.
Ужо вочы дрэнна бачаць,
І трымцяць павекі,
А зямелька пад пазногці
Ўелася навекі.
Разагнуцца і стаць прама
Баба ўжо не можа,
Але ж бульбачку капае…
Памажы ёй, Божа!
„Годзе! – скажаце. – Навошта
Трындзіш без упыну?!
Сам паведаміў нядаўна:
Мае сын машыну!”
Э-э-э, чакайце, дабрадзеі!
Сын машыну мае.
Але ж толькі і дачушка
Ў сына падрастае.
Па характару – у бацьку,
А красой – у маму.
Настае якраз унучцы
Час выходзіць замуж.
Дык вяселле трэба справіць –
Не абы-якое:
Каб жа і гарой закуска,
І віно – ракою!
І каб музыка іграла,
Каб радня гуляла!
Каб ніхто не гаварыў,
Што чагосьці мала.
Ну, вяселле адгулялі…
Тупнулі абцасам!..
І не горш, чым у суседзяў
Ўсё! Але тым часам…
На гародзе каля хаты
Стаіць баба ракам…
А гароду таго ў бабы –
Сорак сотак з гакам…
„Цьфу на аўтара! Паслухай:
Канчай меладраму!
Колькі можна?! Дый унучку
Выдалі ўжо замуж!”
Э-э-э, чакайце, дабрадзеі!
Вы ж на памяць слабы:
Акрамя тае унучкі,
Ёсць і ўнук у бабы!
Скончыў школу. Не працуе.
Лынды б’е нядбалец.
Ды бацькам і бабе ён –
Не чужы, свой малец.
Дык вяселле трэба справіць –
Не абы-якое:
Каб жа і гарой закуска,
І віно – ракою!
І каб музыка іграла,
Каб радня гуляла!
Каб ніхто не гаварыў,
Што чагосьці мала.
Ну, вяселле адгулялі,
Унук ажаніўся…
Не прайшло яшчэ пахмелле –
Праўнучак з’явіўся.
Хоць на ножках не стаіць,
А ўжо штосьці хоча:
Цягнецца да прабабулі,
– Дай! дай! дай! – лапоча.
Не паспееш азірнуцца –
Загаворыць басам…
У жыцці мінае хутка
Ўсё! Але тым часам…
На гародзе каля хаты
Стаіць баба ракам!..

Ад перакладчыка: Хтосьці ў бабе цётку ўзнае, Хто – сястру, хто – матку… А калі жаданне ёсць – Дык пачну спачатку… На гародзе каля хаты, На тых сотках з гакам, Колькі ж ёй яшчэ стаяць – Гэтай бабе ракам?!

Пераклад з украінскай
 1