ДЗМІТРО МАЛЯКЕВІЧ
СЛОВА ПРА СІЛУСамалюбівыя мужчыны,
Як павялося з даўніны,
Нярэдка лічаць без прычыны,
Што галава ўсяму – яны!
Фартуна так, маўляў, судзіла,
Што дзе мужчына – там і сіла,
Мужчынам – лаўры здабываць,
І ратная, напрыклад, слава –
То не жаночая ўжо справа,
Ім з намі ўпоравень не стаць.

Я не ўступаю у дэбаты,
Бо і патрэбы ў тым няма:
Што ёй пад сілу подзвіг ратны, –
Жанчына давяла сама.
Ды і наогул: прад жанкамі
(Што не пашкодзіць і нам з вамі,
Дарэчы, наматаць на вус),
Няварта вельмі нос свой дзерці,
Бо могуць так яго уцерці,
Што выйдзе форменны канфуз.

Браткі! Не ў кожнага з нас – крылле,
Сябе мы ўсцешваем-такі,
Маўляў, мы – рыцары пры сіле,
І ўсе мы – проста казакí!..
А слабы пол – дык той няўрокам
Крутнецца толькі скокам-бокам
(Хаця і слабы – ды дарма!),
Бо з-пад брыва прыветна гляне –
І сіла наша – вяне, вяне...
І ўсё! І казакá няма!
А наша сэрца, хоць і плача,
Але ўжо не ўратуе нас,
І ты не брыкайся, казача –
Кладзіся моўчкі пад абцас!..
Вы скажаце, што я жартую.
Ды нагадаю мудрасць тую,
Што ў кожным жарце праўда ёсць.
Хай скажуць, што я маю схільнасць
Займець жаночую прыхільнасць,
А я – даводжу вам сваё!

На тое маючы прычыны,
Пераканаць жадаю вас:
Што ёсць праблема для мужчыны –
То для жанчыны – плюнуць раз!
Ўсё ёй па сілах, ўсё ёй гожа.
Вось, скажам, што жанчына можа
Для шыку апрануць штаны.
А ты ж, як тыя маладзіцы,
Напрыклад, выйдзеш у спадніцы –
Усе падумаюць: дурны!..

Прывесці можна фактаў многа,
Ды ці патрэбна нам яно?
Дык я больш не скажу нічога,
А толькі выкажу адно:
Жанчына – сіла, гэта знае
Той, хто у хаце жонку мае,
Бо ў наш кібернетычны век,
Каб, часам, ды не локаць жонкі, –
Хварэў бы на цыроз пячонкі
Другі ці трэці чалавек.

За гэта ўжо адно гадзіцца,
Як рыцарам было дано,
Жанкам у ногі пакланіцца!..
І не па-рыцарску яно,
На жонку зыркаючы коса –
Так, што без фігі ні да носа,
Што й качаргою не дастаць...
Знаходзь жа сілы, дружа мілы,
Прызнацца ў тым, што ты бяссілы,
Каб гэтым моцным полам стаць!

Пераклад з украінскай
<< ... < ... 1  2