КАРАЦЕЙ КАЖУЧЫ

Ім далі па шапцы, а яны – шапку ў ахапку – і былі такія!..

Імкніся наперад, але не надта адрывайся ад астатніх – на наступным крузе іх могуць палічыць за перадавых, а цябе – за адстаючага.

Іншы заклікае наперад толькі для таго, каб адвесці ўвагу ад свайго адступлення.

Іншы раз тое, што не лезе ні ў якія вароты, лёгка ўваходзіць у вушы даверлівых.

І хочацца і колецца – вожык думае жаніцца.

І я, і Ракфелер аднолькава любім грошы. Розніца ў тым, што мая любоў – платанічная.

Каб абвергнуць апанента, трэба мець моцныя аргументы, ці, хаця б, моцныя кулакі.

Каб знайсці агульную мову з жанчынай, дастаткова яе не перабіваць.

Каб першы блін не выйшаў камяком – пачынайце адразу з другога.

Кажаце, не памыляецца той, хто нічога не робіць? Ён памыляецца ўжо тым, што гультайнічае.

Казалі, што ён далёка пойдзе. І ён, сапраўды, пайшоў далёка. Але не ў той бок.

Казёл адпушчэння – гэта казёл у водпуску?

Калектывізацыя: двухногія бараны абагульнілі чатырохногіх авечак.

Калі б не было адстаючых, адкуль бы ідучыя наперадзе ведалі, што яны – лідэры?

Калі б Старасць магла, а Маладосць ведала, то Сталасць усё роўна б не дазволіла.

Калі дзяўчына згаджаецца адразу ж – яна лёгкаважная, калі доўга думае, перад тым, як згадзіцца – яна старая дзева.

Калі жанчына хваліць мужа, то гэта можа азначаць адно з двух: або яна – удава, або размова ідзе пра чужога мужа.

Калі жанчыне нечага сказаць, – гэта яшчэ не факт, што яна нічога не скажа.

Калі і вучыцца на памылках, дык лепш за ўсё – завочна.

Калі кішкі марш іграюць, то ў каго кішка тонкая – вядзе першую скрыпку.

Калісьці абеззямелілі сялян – а зараз і зямля абессялянела.

Калі ўжо і кульгаць, дык адразу на абедзьве нагі – каб не так было прыкметна.

Калі штосьці напісана на твары ў жанчыны, то, хутчэй за ўсё, гэта зроблена касметычнымі сродкамі.

Капялюш прыхоўвае пустату на галаве – так, як маўчанне – у галаве.

Кідай курыць! Існуе шмат больш прыемных спосабаў скараціць сваё жыццё.

Кожная малпа – патэнцыяльны чалавек.

Кола абавязкаў падначаленага часцей за ўсё вызначаецца пунктам гледжання начальніка.

Кропля жаночых слёз точыць камень мужчынскай упартасці.

Крылатае слова – гэта такое, якое ў адно вуха ўлятае, а з другога вылятае.

Курыны булён шкодзіць здароўю... курыцы.

<< ... < ... 1 2  3  4 5 6 7 ... > ... >>