КАРАЦЕЙ КАЖУЧЫ

У кожнага сваё: у каго камень на сэрцы, а ў каго – за пазухай.

У кожнага свой метад: адзін падбірае ключы да дзвярэй, другі шукае дзверы, да якіх падышоў бы яго ключ.

У любоўным трохвугольніку мужу, звычайна, адводзіцца роля тупога вугла.

У наш час не дастаткова быць чалавекам – трэба быць сваім чалавекам.

Усё жыццё пад кагосьці падкопваўся. А мог жа стаць проста добрым землякопам!..

У спрэчках нараджаецца ісціна ... і сінякі.

У сямейных драмах мужу, звычайна, дастаецца роля без слоў.

Фас – выгляд спераду мужчынскага твару, а фаска – жаночага.

Хлопец ганяецца за дзяўчатамі да таго часу, пакуль адна з іх яго не спаймае.

Хоць рука руку мые, але абедзьве нячыстыя на руку.

Цікава, чыім сябрам быў сабака, калі чалавека яшчэ не было?

Ці ўсякае слова, кінутае на вецер, становіцца крылатым?

Частая немач сярод мух – слановая хвароба.

Чым далей у лес – тым бліжэй да супрацьлеглага краю.

Шах не збярог вернасць свайму гарэму.

Школа вучобы на памылках працуе на матэрыяле заказчыка.

Шкура незабітага мядзведзя дзеліцца найбольш справядліва.

Шлюб скарочвае жыццё: прынамсі, – халастое.

Што з воза ўпала – то кабыле лягчэй.

Шэры Воўк з’еў Бабулю на другое, а Чырвоную Шапачку – на дэсерт.

Эгаіст – гэта той, хто любіць сябе больш, чым мяне.

Экспазіцыя – пункт гледжання, які ўжо змянілі.

Яго лічылі птушкай высокага палёту, а выявілася, што ён – звычайны стрэляны верабей.

Яе вузкае месца – шырокая талія.

Якасць грошай – у іх колькасці.

Як часта шэпат сумнення гучней за голас розуму.

Яна была далёка не прыгажуня. А зблізку – тым больш.

Яна выскачыла з-за рага замуж.

<< ... < ... 3 4 5 6  7