ЗГАДКІ
КЛАВА ВІЛА – Ну, і неразумны ж народ – гэтыя італьянцы! – казаў Уладзік. – Імёны ў іх – не такія, як у нас, а наадварот.
Пабачыў я афішу пра канцэрт Клаўдзіа Віла. Ну, думаю, схаджу, пагляджу і паслухаю італьяначку.
Пачаўся канцэрт, і тут выскачыў нейкі невялікі мужычок і давай спяваць італьянскія песні! Спяваў нічога сабе, але я ўсё чакаю, калі выйдзе анансаваная Клава Віла. Толькі не дачакаўся.
Канцэрт закончыўся, а яна так і не з’явілася.
Я пачаў уголас абурацца. І тады мне нехта з гледачоў растлумачыў, што той мужычок, што выскакваў на сцэну, калі я чакаў Клаву Вілу, і быў Клаўдзіа Віла.
Усё ў іх, замежнікаў, не так, як у людзей! Нават – імёны!..
ДУШ Інтэрнат быў змешаны: на першых двух паверхах жылі хлопцы, на трэцім і чацвертым – дзяўчаты, на пятым – зноў хлопцы.
Міраслаў, будучы інжынер-механік, а пакуль што студэнт чацвёртага курса, закончыў пераддыпломную практыку. З гэтай нагоды яны добра пасядзелі з хлопцамі ў кафэ „Чэрвона рута” і, вядома, не за адной толькі кавай. Па дарозе дадому зазірнулі яшчэ ў нейкі кафэтэрый, і яшчэ ў нейкую чарачную (у якія, менавіта, Міраслаў ужо і не памятаў). Таму да інтэрната ён дабрыў ужо, як кажуць, на брывях.
Ліфтаў у пяціпавярховіках, як вядома, не бывае. І таму Міраслаў, узбіраючыся на свой пяты паверх, ці то збіўся з ліку, ці то пачаў лічыць не паверхі, а лесвічныя маршы, але ў выніку дабрыў толькі да чацвёртага паверха.
І ці ключ ад стандартнага замка падышоў, ці дзверы па няўважлівасці былі незамкнёнымі, але ён трапіў у дзявочы блок. Не заходзячы ў пакой, зайшоў у душавую і вырашыў асвяжыцца пад душам.
Душ у студэнцкіх інтэрнатах, для эканоміі месца, у той час быў толькі сядзячы. Уключыў Міраслаў ваду і сеў пад душ.
... А сярод ночы адна са студэнтак устала па патрэбе. Выходзіць яна ў калідор і чуе – у душы вада льецца. А ўсе суседкі на месцы. Значыць, кран нехта забыўся закрыць!..
Уключае яна святло і зазірае ў душавую...
Крык, які разнёсся па інтэрнату, разбудзіў усе пяць яго паверхаў. Збегліся суседзі: дзяўчаты і хлопцы...
Ды і было ад чаго з перапуду крыкнуць!..
У душавой, седзячы пад дожджыкам, спіць Міраслаў, а вада сцякае з яго плашча-балонні і фраерскага гуцульскага капелюша...
<< ... < ... 1 2 3  4  5 6 7 8 ... > ... >>