НЕ СМЕШНА! На майскія святы ў 2006 годзе па тэлебачанні паказвалі шматсерыйнае шоу з нагоды 60-годдзя Я. Петрасяна – галоўнага гумарыста Расіі, як называлі юбіляра яго прыбліжаныя, і як лічыў, што было добра бачна, і ён сам.
... На сцэну выйшлі дзеткі і пачалі спяваць пашлаваты, як на іх узрост, тэкст – усхваленне таго ж караля гумару. Як на мой смак, атрымалася не вельмі смешна. Але зала смяялася.
І тэлекамера не паказала ніводнага твару, па якім бы прабегла запытанне: Над чым смяемся? А дакладней – пад што?
А смяяліся пад цудоўную мелодыю песні Марка Фрадкіна і Роберта Раждзественскага За того парня, ад якой у мяне іншы раз выступалі слёзы. Магчыма, больш маладая частка залы ўжо і не ведала гэтай песні. Але ж больш пажылыя гледачы, а, галоўнае, сам юбіляр, не мог яе не ведаць, бо папулярнай гэтая песня была ў той час, калі ён, пэўна, адзначаў сваё 30-годдзе. Тым не менш, ён зараз стаяў збоку і паблажліва ўсміхаўся дзеткам. І бачна было, што ў яго галаве нават думкі не ўзнікла, што рабіць пошлую пародыю на гэтую цудоўную песню – усё роўна, што Священную войну даць выканаць Верцы Сярдзючцы ў суправаджэнні напаўголага танцавальнага ансамбля Алы Духавай!..
Пасля гэтага мне больш не захацелася глядзець ні на юбіляра, ні на яго шоу, і я выключыў тэлевізар.
Не смешна!..
АДРОЗНЕННЕ На адной з сустрэч з чытачамі ў дні святкавання стогадовага юбілею Петруся Броўкі, нехта з іх спытаў мяне:
– Ці так зараз пішацца, як пісалася ў часы Броўкі?
Я адказаў, што сам працэс пісання, мабыць, мала ў чым змяніўся. Але варта адзначыць адно істотнае адрозненне.
Раней пісьменнік, выдаўшы кніжку, некалькі гадоў меў за што піць і есці.
А зараз некалькі гадоў трэба не піць і не есці, каб выдаць кніжку!..