СВАЯ ДУМКА
-
Свая думка
Папрокаў вашых
Не прымаю,
Што ўласных думак
Я не маю.
Ёсць думка
І ў мяне свая,
Хоць, праўда, з ёй
Не згодны я!.. -
Падмена
Мо, зваўся б
Не Міхась, а Верка,
А, можа, Франц
Або Даніла...
Ёсць падазрэнне:
Акушэрка
Мяне ў раддоме
Падмяніла. -
Антаганiзм
Антаганізм узнік
Душы і цела:
У гэтыя
Кастрычніцкія дні –
Душа б за птушкамі
У вырай паляцела,
А арганізм –
Баіцца вышыні... -
Не прашуся ў рай
Не прашуся
Ў невядомы рай,
Ні запазуху
Да цябе, Божа...
Аднаго прашу:
Мне мудрасць дай –
Не хацець таго,
Чаго не можаш!.. -
Шмат дзе не быў
Я рабіў усё,
Што быў у стане,
Як умеў –
Дык так сабе і жыў.
І не быў
Ніколі у пашане.
Зрэшты,
Шмат дзе я яшчэ не быў…