СПІ СПАКОЙНА!Ідзеш часам праз магільнік –
Няма агароджы,
Камяні й крыжы навокал –
Пейзаж непрыгожы.
І ахопіць неспадзеўкі
Роздум той адвечны,
Што ты тут таксама будзеш,
Што і ты не вечны...
Ішоў п’яны праз магільнік,
Згадваючы маму,
І з разгону уляцеў
У свежую яму.
Як упаў – працверазеў,
Не згадвае мамы.
– Гвалт! Ратуйце! – закрычаў. –
Выцягніце з ямы! –
Міма тупаў па сцяжыне
Хтось яшчэ п’янейшы.
– Трымай, – кажа, – хвост трубою
І носа не вешай! –
З ямы голас просіць слёзна:
– Я цябе благаю!
Кінь вяроўку, тут жа мокра...
Я тут замярзаю.
Верхні ў яму заглядае:
– Што ты расхадзіўся?
Дуба ўрэзаў – спі спакойна!
Чаго ж ты разрыўся?..
Пераклад з украінскай
УВЕРЦЮРАСядзяць двое у тэатры –
Не дзесь, а ў партэры –
Муж і жонка. Надзьмуліся,
Нібыта цяцеры.
Яна кажа: – Што за людзі?
Не інтэлігенты!
Не настроілі дачасна
Свае інструменты.
Той трындыкне, той пілікне,
Трэці дзьме у дудку...
Прыцягнуў мяне ў тэатр,
Ану цябе ў будку! –
Папераду іх бабуля
Насупіла бровы.
– Ціха, – шэпча. – Уверцюра...
Спыніце размовы. –
Агрызнулася, што ззаду:
– Ты глядзі – культура!..
Гэта трэба разабрацца,
Хто з нас уверцюра?!
Пераклад з украінскай