ПАЭЗЫ
ХЛЕБ З РЫБАЙПа-над рэчкаю
Алесь
Стаў
І лусту хлеба есць.

– Ты чаго тут,
Дружа, стаў? –
Янка сябра
Запытаў.

– Вочы, Ясь,
Разуй свае:
Бачыш –
Хлеб вось з рыбай ем.

– Бачу хлеб,
А рыба дзе?
– Рыба там вунь,
У вадзе…
КАЖУХ Дзед, узлезшы на печ,
Кажа: – Слухай, баба,
Я, вядомая рэч,
Цямлю ў модзе слаба.

Дык табе раскажу,
Як нагараваўся,
Як я цераз кажух
Сораму набраўся.

Тое ранне кляну,
Калі я, на гора,
Свой кажух апрануў
І падаўся ў горад.

Прыхапіў воўны цюк,
І на рынак крочу.
Мне насустрач – дзяцюк,
Запытаць штось хоча.

На кажух паглядаў,
Нібы кот на сала.
– Дзе дублёнку дастаў,
Колькі каштавала?

Імпартовы тавар? –
… Ад яго даў цягу.
Потым нейкі шкаляр
Абазваў стылягам.

Тут я люльку дастаў
І набіў старанна.
Не пабачыў, што стаў
Каля рэстарана.

Не паспела яшчэ
Люлька задыміцца –
Да мяне што хутчэй
Шпарыць маладзіца.

– Дык я згодна, чувак,
Ты – кліент харошы!
Ну, вядзі у кабак,
І – наперад грошы.

Ты з такой барадой
Маеш выгляд класны,
І кажух гэты твой
Вельмі ўжо сучасны! –

… Наш сусед Апанас,
Што са мной прыехаў,
Аціраўся ля нас,
Паміраў са смеху.

Ён жа не праміне –
Пусціць пагалоску,
Абняславіць мяне
Заўтра на ўсю вёску.

Вось нажыў я бяду!
Вось дык клопат маю!..
Лепш згалю бараду
І кажух схаваю.
<< ... < ... 1 2  3  4 5 6 ... > ... >>