УСЯМУ СВОЙ ЧАС– За што ты
Мужыка лупцуеш? –
Спытаў суседку
Дзед Кандрат.
– Ён сёння зноўку
(Ці ты чуеш?!)
Прапіў палучку,
Супастат! –
Дзед уздыхнуў:
– Ну што ж, бывае…
Але яго
Дарэмна б'еш:
Ён – п'яны,
І не адчувае
Таго, што ты
Яго скубеш.
Няхай да заўтра
Ён праспіцца,
А кара шэльмы
Не міне…
– Э, не! Як ён
Працверазіцца,
Дык адлупцуе
Сам мяне!..
НАВІНЫПайшла Яніна
Зранку па ваду,
І стрэціла
Суседку на бяду.
– Табе, Янінка,
Выдам навіну –
Ты толькі ахнеш,
Скажаш: „Ну і ну!..”
Маню?! І ў голаў
Не магло ўзбрысці –
Каб з гэтага мне месца
Не сысці!.. –
Аб ёй у вёсцы
Сказана было:
У цёткі той
Язык – што памяло.
За навіной
Ляцела навіна:
Мажліва – праўда,
А хутчэй – мана.
… Ужо вячэрняя
Пара прыйшла –
Суседка ж з месца
Так і не сышла.