ПАЭЗЫ
НА КАГО ПАКІНУЎ?Муж памёр,
І ля яго
Жонка плакаць
Стала,
Хоць нярэдка
Да таго
Рогі
Настаўляла.

– Ой, як цяжка
Быць ўдавой!
Ой, я вяну,
Гіну!..
На каго ж,
Саколік мой,
Ты мяне
Пакінуў?

Тут нябожчык
Не сцярпеў,
Ды прыўзняўся
Крышку,
І з труны ёй
Прасіпеў:
– На суседа
Грышку!..
НЕ ВЫХОДЗЬЦЕ, ДЗЕЎКІ, ЗА ПАЭТА! – Памятайце, дзеўкі,
Добра гэта:
Не выходзьце замуж
За паэта!

Маці я не слухала
Старую –
Дык праз тое
Зараз і гарую.

Розуму было,
Няйначай, мала –
Лірыка аднойчы
Ўпадабала.

Што ён кепскі муж –
Кажыце прама,
Ды крый Бог,
Што і паэт – таксама!..

У ягонай галаве –
Не грошы –
А шукае рыфму
Да „харошы”.

А калі і будзе
Грошай крышку –
Дык хавае:
– Трэба выдаць кніжку!.. –

А найгоршае,
Скажу на вуха:
Кожны новы верш ягоны
Слухаць.

Калі ж мы кладземся з ім
У ложак –
Ён і тут
Чытаць мне вершы можа.

Да мяне падкочвацца
Не стане –
Зноўку строчыць
Вершы пра каханне.

А калі, бывае,
Абдымае –
Дык чамусьці
Музай называе.

І няўцям мне:
А якая ж Муза?
Калі называюся я
Фруза!..

… Лепш, мо, п’яніц
Для сябе знаходзьце –
За паэтаў, дзеўкі,
Не выходзьце!..
<< ... < ... 2 3 4 5  6