ДАНТЫСТ Забалеў у дзядзькі Курылы зуб. Ды так забалеў, што сіл ніякіх няма! Што ён толькі ні рабіў: і сала за шчаку клаў, і ватку з адэкалонам – на зуб, і сто грамаў самагонкі – унутр, – нічога не дапамагло. Ноч дзядзька літаральна хадзіў па сценах і столі, а зранку сабраўся – і ў лячэбніцу. А там, як на тое, фельчар у раён паехаў. На гаспадарстве – толькі санітар Мікола. Дзядзька да яго:
– Зрабі хоць што-небудзь!..
– Я ж не доктар! – адмаўляецца той.
– Дык хоць вырві, к чорту, гэты зуб!..
Мікола доўга корпаецца ў скрынцы з інструментам, дастае і зноў хавае пінцэцікі, пінцэты, абцугі і абцужкі. Нарэшце знаходзіць падыходзячыя і кажа дзядзьку раскрыць рот. Нейкі час лазіць там, шукаючы той самы зуб. Знайшоўшы, пачынае ірваць. Тузае раз, другі, трэці... Дзядзька толькі ўзвывае пры кожнай спробе.
Тады Мікола ўпёрся каленам у дзядзькаў жывот і тузануў з усяе сілы. Дзядзька нема ўзвыў. Гора-дантыст убачыў, што хаця зуб ён і вырваў, але пры гэтым звіхнуў хвораму сківіцу набок, і той толькі мычыць, бо не можа ні закрыць рот, ні слова прамовіць.
Мікола адклаў абцугі ўбок, дастаў з паліцы даведнік фельчара і пачаў яго гартаць. А дзядзька поруч стаіць, за плячо яго тармошыць, мычыць і на свой раскрыты рот паказвае.
Той ад яго адмахваецца і працягвае гартаць кніжку. Дзядзька яшчэ мацней шкумутае Міколу, тыцкаючы пальцам сабе ў рот. Гэта канчаткова раззлавала таго і вывела яго з сябе. Ён развярнуўся, ды як заедзе з усяго маху дзядзьку па той жа сківіцы! Яна шчоўкнула, – стала на месца. Выццё хворага прыпынілася і ён радасна выгукнуў:
– Так бы і адразу! А то мне баліць, а ты знайшоў час кніжкі чытаць!..
ВУЗЕЛЬЧЫК Баба Куліна з гадамі стала губляць памяць. І каб штосьці не забыць, завязвае вузельчык на насоўцы.
А затым сядзіць, і ніяк не можа згадаць, адносна чаго той вузельчык завязаны?..