Заўтрашняе ранне

Ноч праляціць савой,
бязладным будзе ранне.
Гудзенне ў галаве,
а значыць – пуста ў ёй.
Юрась Нераток

Калі удаўся вечар –
Бязладным будзе ранне.
Стан гэты кожны зведаў
Хоць раз ды на вяку.
Ледзь змог прадзерці вочы –
Якое там сняданне?!.
Гудзенне ў галаве,
І пуста ў кашальку.
Аднатворцы

Мы ж – аднадумцы, аднатворцы,
мы на адной сышліся горцы –
і ад купалля да каляд
наш аглядаем далягляд.
Сяргей Панізнік

Вітаю вас,
Якуб і Янка!
Камусь, мо,
І неспадзяванка,
Што я тут з краю
Каля вас?
Адна ж гара на ўсіх –
Парнас!
Рыфма-сцерва

Што за трасца мяне разбудзіла?
... Ці жывы, ці памёр?
Без дыхання і пульса ляжу я...
... І кляну сваю псіхіку-сцерву!
Юрась Нераток

Ці жывы, ці памёр? –
Цяжка мне зразумець:
Было звечара выпіта –
Сіла!
Ганарар абмываў...
Зранку ж, ёрш яе медзь,
Рыфма-сцерва
Мяне разбудзіла!
Парада прарабам

Бульдозеры хацелі ўсё зраўняць,
даль засланіць хацелася прарабам...
А мне паміж муроў усё ж відаць
узгорак, луг,
дзе будзе вольна жабам.
Сяргей Панізнік

Мне хочацца
Адну параду даць,
Параіць
Недасведчаным прарабам:
Патрэбна, мальцы,
Гэтак будаваць,
Каб файна тут было
І вольна жабам!
Блакнот

Ты мне на памяць падарыў блакнот...
Зоя Падліпская

Ты мне на памяць
Падарыў блакнот,
А мог бы падарыць
І штось другое,
Ды выбіраў ты:
Каб недарагое!..
Ну, што з такога ўзяць?
Вядома, жмот!..
Хата з краю

Хачу я тут пагутарыць,
як жыць і не тужыць.
А можа, мне на хутары
навек застацца жыць?
Сяргей Панізнік

Няма пра што
Тут гутарыць –
Настойліва
Ўсім раю:
Сяліцеся
На хутары –
І ваша хата –
З краю!
З дубінкамі напагатоў

Каралі, безумоўна, голыя,
Ды з дубінкамі напагатоў.
Уладзімір Папковіч

У жаночую лазню
Голыя
Каралі –
Іх што ўвесну катоў!
Уцякайце,
Кабеты кволыя,
Бо з дубінкамі
Напагатоў!
Што галоўней?

Сяброў і слова, слова і сяброў
Я папрашу даверліва у Бога.
Часлава Петрашкевіч

Віно – галоўней,
Што ні гавары,
Калі пра тое ўжо
Пайшла размова:
Як будзе чарка –
Знойдуцца сябры,
Сябры ж заўжды
Пад чарку скажуць слова.
Кáка

Не ў пашане галоўбальшавік...
... Агалцелыя контры – вароны
Дружна какаюць на галаву.
Уладзімір Папковіч

Ў манумента
Няма парасона,
І, як хоча,
Абкаквае вас
Агалцелая контра –
Варона,
Як раней вы
Абкакалі нас!..
<< ... < ... 1 2 3 4  5  6 7 8 9 ... > ... >>